ЗАХОЎВАЮЧЫ ПАМЯЦЬ ПРА ХАЛАКОСТ. ВЁСКА СУХАРЫ
Пашпарт інфармацыйнага праекта
№
п/п
|
Кампаненты пашпарта
|
Апісанне інфармацыйнага праекта
|
|
Тэма праекта
|
Захоўваючы памяць пра халакост. Вёска Сухары
|
|
Тып праекта
|
Інфармацыйны
|
|
Актуальнасць праекта
|
Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям'ю, для кагосьці яна прынесла вечныя пакуты, забраўшы жыцці родных і любімых, а кагосьці пашкадавала ... Наша сучаснае пакаленне вельмі мала ведае пра мінулае сваёй краіны, сваёй сям'і, пра тое, як нашы ж сваякі абаранялі Радзіму, змагаліся за нашу будучыню, сталі нявіннымі ахвярамі вайны... Важна разумець адказнасць за захаванне гістарычнай памяці, абарону праўды аб вайне на сучасным этапе жыцця.
|
|
Праблема даследавання
|
На жаль, зараз з'яўляюцца людзі, якія жадаюць перапісаць гісторыю і абязлічваць роль нашай краіны ў барацьбе з фашызмам.Патрыятызм становіцца сувязной ніткай розных пакаленняў. Вяртаецца ўсведамленне таго, што для выхавання годнага грамадзяніна і патрыёта неабходна фарміраваць у дзяцей, падлеткаў, моладзі і іншых катэгорый насельніцтва пачуццё адданасці роднай зямлі, гонару за гісторыю сваёй краіны.
|
|
Аб’ект даследавання
|
Мірныя жыхары, якія былі знішчаны ў 1941-1942 гадах у вёсцы Сухары Магілёўскага раёна.
|
|
Мэта праекта
|
Выхаванне грамадзянскай адказнасці за лёс краіны і гатоўнасць да абароны Радзімы, узмацненне пачуцця датычнасці да гісторыі сваёй краіны, забяспячэнне пераемнасці пакаленняў і выхаванне грамадзяніна, які любіць сваю Айчыну, мае актыўную жыццёвую пазіцыю.
|
|
Задачы праекта
|
1. Прыцягненне ўвагі да падзей Вялікай Айчыннай вайны, якія звязаныя з масавым знішчэннем мірных грамадзян нацыскімі злачынцамі і іх саўдзельнікамі на беларускай зямлі.
2.Выхаванне ў падрастаючага пакалення гонару за свой народ і сваю Радзіму.
|
|
Гіпотэза даследавання
|
Памяць пра халакост – гэта магутны сродак барацьбы супраць генацыду, гвалту, прыніжэння.
|
|
Метады даследавання
|
Вывучэнне літаратурных крыніц па тэме даследавання; вывучэнне архіўных крыніц абласной бібліятэкі і абласнога архіва; аналіз, гутарка, інтэрв'юіраванне.
|
|
Прадукт праекта
|
Тэкставая (друкаваная) распрацоўка.
|
|
Перспектыва праекта
|
Выкарыстанне распрацоўкі на класных гадзінах і іншых школьных мерапрыемствах, у школьным музеі.
|
"Ні адно імя воіна, партызана, падпольшчыка, ні адно імя жанчыны або дзіцяці, якія сталі ахвярамі фашызму, не павінна застацца па-за ўвагай або забыта"
П.М.Машэраў
Гісторыя мястэчка Сухары
У Магілёўскім раёне знаходзіцца вёска Сухары. Гістарычны лёс гэтага населенага пункта даволі цікавы. Людзі пасяліліся ў гэтай мясцовасці даўно. Пяцьсот метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Раста размешчана гарадзішча. У гістарычных крыніцах Сухары вядомы з 1560 года (інвентар Магілёўскай воласці за 1560 год), як сяло Магілёўскай воласці Сухарэвічы, дзяржаўная ўласнасць.
Сухары - вёска, цэнтр сельсавета ў Магілёўскім раёне. На аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. За 27 км на ПнУ ад Магілёва, 18 км ад чыг. ст. Раста. 616 ж., 236 двароў . Вядома з 1560 як сяло ў Магілёўскай вол. ВКЛ, дзярж ўласнасць У 1569 належала баярыну І.Кіркораву. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. 3 1773 цэнтр староства ў Аршанскай правінцыі Магілёўскай губ., уладанне Пацея.[1]
З памятных кніжак Магілёўскай губерні вядома, што свяшчэннікам у мясцовай царкве з 1879 года па 1917, а можа і пазней, служыў Васіль Ягоравіч Шчэрбаў.[2] У пачатку 20 стагоддзя існавала сухарэўскае добраахвотнае пажарнае грамадства. У той час дзейнічала паштовае аддзяленне. У 1909 годзе дзейнічала двухкласная школа, таксама існавала і яўрэйская школа Талмуд-Тора. Дзейнічала мяшчанская ўправа.
У пачатку 20 стагоддзя Сухары падзяліліся на дзве часткі. Адна насіла назву мястэчка. Другая частка мела статус вёскі. Тут жылі сяляне-беларусы, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У 1920 годзе ў мястэчку пражывала 517 чалавек у 64 дварах, у вёсцы было 113 двароў з насельніцтвам 924 чалавекі. У мястэчку жылі яўрэі, якія займаліся рамяством: шаўцы, кавалі, сталяры, сапожнікі , бляхары і іншыя. У 1929 годзе створаны калгас “Камуністычны маніфест”. У той час у Сухарах знаходзілася царква, сінагога і школа хедер.
Гады ліхалецця
Можа быць, Сухары так і заставаліся б нічым асабліва не характэрным мястэчкам, адным з многіх у Беларусі, дзе шмат дзесяцігоддзяў мірна суседнічалі яўрэі і беларусы. Працавалі, гадавалі дзяцей, сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, думалі пра будучыню…
Вялікая Айчынная вайна паламала лёсы людзей, прынесла гора і трагедыі. Адна з іх адбылася ў Сухарах. У памяць аб страшных падзеях 1941 -1942 гадоў мясцовыя жыхары і сваякі загінулых паставілі ў 2013 годзе памятны знак у вёсцы, пры дарозе на Магілёў. Аднак усё здарылася не там, дзе ўсталяваная гранітная стэла з прозвішчамі і імёнамі ахвяр фашызму.
Вялікі ўклад па ўзнаўленні звестак пра мінулыя падзеі ўнёс Мікалай Дзмітрыевіч Валюжэніч. Раней ён працаваў галоўным аграномам у мясцовай гаспадарцы, затым сакратаром партыйнай арганізацыі, старшынёй у Сухарэўскім сельсавеце, сацыяльным педагогам і педагогам дадатковай адукацыі ў школе. Ідэя скласці летапіс вёскі ўзнікла даўно, яшчэ калі адзначалася 45-годдзе вызвалення БССР. Мікалай Дзмітрыевіч вывучаў гістарычныя дакументы у абласным архіве, шукаў звесткі з фондаў бібліятэк, праводзіў апытанне мясцовых жыхароў, сведкаў трагічных падзей, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.Вялікую дапамогу у атрыманні патрэбнай інфармацыі аказаў Аляксандр Лазаравіч Ліцін (фатограф, журналіст, сябра Рады Беларускага аб'яднання “Фотамастацтва”, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў). Вялікую цікавасць і гістарычную каштоўнасць прадстаўляюць аповеды Фёдара Іванавіча Зубрыцкага (1928 г.н.), Мікалая Іванавіча Маліноўскага (1934 г.н.).
Па іх успамінах, яшчэ восенню 1941 года ў Сухарах немцы растралялі маладых мужчын-яўрэяў у акопах, якія выкапалі савецкія ваенныя ў час абарончых баёў. Такім чынам, з яўрэйскага насельніцтва ў мястэчку засталіся жанчыны, старыкі і дзеці. Да лютага 1941 года іх не чапалі. У вялікай хаце, дзе раней жылі яўрэі, размяшчалася паліцэйская ўправа, у сінагозе – склад зброі.
Па ўспамінах сведкаў, ноччу з 22 на 23 лютага 1942 года паліцаі і немцы загадалі яўрэйскім сем’ям збірацца для пераезду, куды – не ўдакладнялі. Напагатове стаяла 13 фурманак, якія мабілізавалі ў мясцовых жыхароў. Жыхароў зганялі з Чавускай, Зарэчнай і іншых вуліц да камендатуры. Старыкоў і дзяцей размяшчалі на фурманках, частка людзей ішлі пяшком. Было вельмі холадна. Усе плакалі і лямантавалі. Калона накіравалася праз мелкі ручэй у бок Ходнева. Уздоўж дарогі стаялі жанчыны. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Дора Маісееўна Салаўёва прасіла выратаваць іх дочку (маленькая дзяўчынка была светлавалосай, не падобная на яўрэйку). Жанчына па прозвішчу Краснабаева ўзяла дзіця на рукі і хацела пабегчы, але паліцай выхваціў дзяўчынку і кінуў назад у фурманку. Тады Дора Маісееўна звярнулася да суседзяў са словамі: “Развітваюся з вамі, больш мы не ўбачымся”.
Другі мужчына (Брахнейка) крычаў: “Нас забівайце, а дзяцей нашых не чапайце!”
Калі дабраліся да ўрочышча “Ліпкі”, гаспадароў фурманак накіравалі назад у вёску. Рахіль Мерамінская, якая была закаханая ў Савелія Судзянкова, развітваючыся, кінула яму свой шаль са словамі: “На памяць пра мяне”.
На паляне была відаць вялікая яма, якую выкапалі раней.Людзям загадалі зняць адзенне. Растрэльвалі іх паліцаі, немцы толькі назіралі. Асабліва лютавалі Барыс і Сцяпан Рыбаковы. Пасля вайны Барыса знайшлі ў Магадане і асудзілі як ваеннага злачынцу.
Сярод загінуўшых быў каваль з вёскі Харашкі. Мужчына быў дужы,каржакаваты. У яго страляюць, а ён стаіць, не падае, страляюць – стаіць. Пасля некалькіх выстралаў у яго ён стаяў перад катамі і казаў, што можа навучыць іх страляць. Тады паліцай Клубянькоў падышоў да яго і стрэліў з нагана ва ўпор. Пазней Клубянькова асудзілі на 25 гадоў зняволення.
У час, калі адбывалася расправа, паліцаі мала стралялі ў дзяцей, а кідалі іх жывымі ў яму з забітымі.
Пасля таго, як усё было завершана, забойцы прыкрылі трупы адзеннем, лепшыя рэчы забралі сабе. Закапалі магілу мясцовыя жыхары.
Пасля масавага растрэлу ў жывых застаўся 15-гадовы сын лавачніка Зэліка Эстуліна, якому удалося схавацца за печкай у хаце. Але і яго знайшлі і растралялі каля калодзежа, у які пасля скінулі цела.
У тую страшную ноч было забіта 84 чалавекі. У наступныя дні была моцная мяцеліца. Калі некалькі мясцовых жыхароў хадзілі пасля ў Ліпкі на месца растрэлу, то бачылі невялікі насып, падобны на курган, занесены снегам. Дамы забітых стаялі пустымі. У 1943 годзе партызаны разграмілі паліцэйскую ўправу ў мястэчку, тады згарэла некалькі дамоў, а ў астатнія засяліліся сем’і мясцовых жыхароў, якія засталіся без прытулку ў час вайны.
Ушанаванне памяці загінуўшых мірных жыхароў.
26 чэрвеня 1944 года войскі 199-й стралковай дывізіі 49-й арміі Другога беларускага фронта вызвалілі Сухары ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Была створана абласная надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў фашызму на акупаванай тэрыторыі. Па факце масавага расстрэлу яўрэйскага насельніцтва мястэчка Сухары было ўстаноўлена, што сярод загінуўшых было 34 жанчыны і 14 дзяцей. Дакументы расследавання знаходзіліся ў абласным архіве.
Месца калектыўнай магілы не было якім-небудзь чынам пазначана. Раней ва ўрочышчы “Ліпкі “ раслі дрэвы, ляшчына, маліннік, было шмат ягад. Пасля праведзенай меліярацыі – поле плошчай 24 гектары. У 1989 годзе Мікалаем Дзмітрыевічам Валюжанічам сумесна з навучэнцамі Сухараўскай школы была зроблена спроба выявіць дакладнае месцазнаходжанне пахавання, аднак яна не ўвянчалася поспехам. Ніхто не не мог назваць дакладнае месца пахавання забітых людзей і іх колькасць. Дарэчы, дапамагла ў гэтым і перапіска, якую вёў Валюжэніч М.Д. са сваякамі загінуўшых. Яну жывуць у розных краінах свету. Тады насыпалі курган і ўсталявалі валун на тым месцы, на якое паказала большасць сведак. Насыпаць курган вышынёю ў 2,5 метры і паставіць на ім чатырохтонны камень-валун, удвая большы таго, што стаіць на Буйніцкім полі, як помнік Сіманаву, рашылі да 9 мая 1995 года. Варта адзначыць, што галоўныя выканаўцы работ – калгасныя механізатары. Тут працавалі бульдозеры, пагрузчыкі, магутныя трактары з прычэпамі. Дзевяцікласнікі абклалі курган дзярнінай, а калгасныя ўмельцы зрабілі для агароджы прыгожыя ланцугі. Да каменя прымацавалі белую мармуровую пліту з надпісам " Вечная памяць сем'ям яўрэяў, расстраляным фашыстамі ў 1941-42 гадах». У архівах раённай газеты “Прыдняпроўская ніва” знайшлі звесткі, што былы журналіст раённай газеты Лазар Маісеевіч Шляфер таксама у свой час прапанаваў старшыні Сухарэўскага сельсавета У.І. Гоману і кіраўніцтву калгаса “Камманіфест” устанавіць на месцы расстрэлу яўрэйскіх сем’яў помнік.
У 2013 годзе сваякі загінуўшых сабралі сродкі на ўстаноўку памятнага знака непасрэдна ў вёсцы Сухары. Дзякуючы захаванаму заключэнню абласной надзвычайнай камісіі і садзейнічанню работнікаў архіва Магілёўскай ініцыятывы «Урокі Халакоста» ўдалося ўстанавіць імёны 66 з 84 загінулых. Дысіны, Ліціны, Шапіра, Даніловічы, Кацманы, Шалыта, Іоніны… Фашысты знішчылі цэлыя сем’і.
У 2014 годзе, дзякуючы намаганням беларускай яўрэйскай абшчыны і ахвяраванням сем'яў Джейслер і Клетэр з ЗША і Сымона Лазаруса з Вялікабрытаніі, там, дзе знаходзіўся курган з валуном, быў усталяваны мемарыяльны знак, з прысвячэннем «ахвярам нацызму» і надпісам на трох мовах: беларускай, англійскай і іўрыце.
З успамінаў Дудкіна Ісаака Маісеевіча, 1919-2001гг.:
Сярод жыхароў вёскі Сухары землякі Ісаак Дудкін, Леў Лейвікаў, Міхаіл Кацман, Рыва Вайман, Лазар Ліцін, Лена Левініна, Сіма Левініна. 1965 г.
З сямейнага альбома а. Ліціна.
«У мястэчку Сухары, ва ўрочышчы Ліпкі, былі расстраляныя дзясяткі яўрэяў, якія не паспелі эвакуіравацца. Назаву некалькі імёнаў: Салаўёў Шая, яго жонка Лея, Дачка Дора і ўнучка Люда, Эстулин Зелік, жонка Маня, сын Самуіл, Хаім-Хайкл Ліцін і яго дзеці Залман-Оре, Хая, Хана, Зелда і Гіта. На жаль, на месцы расстрэлу яўрэяў мястэчка ніякага памятнага знака не было». (З архіва Магілёўскай ініцыятывы»Урокі Халакосту").
Памятны знак ва ўрочышчы “Ліпкі”
З успамінаў Зубрыцкага Фёдара Іванавіча, 1928г.н.
Зубрыцкі Фёдар Іванавіч
Я вучыўся з Кацманам Борам, у яго быў брат Лёва. Мы разам гулялі, разам хадзілі ў школу, лазілі ў грушы. Жыла ў нас перад вайной адна ці дзве сям'і бежанцаў з Польшчы. Па-руску яны не размаўлялі. Яны з'ехалі ў эвакуацыю, кінулі усе свае рэчы, засталіся жывыя. На чавускай вуліцы жылі толькі яўрэі. Цяпер новыя дамы стаяць на старых падмурках яўрэйскіх дамоў. Стаяла ў нас поўсцепрадзільня. Перад вайной яна выбухнула. Ад пары выбухнула. Няшчасны выпадак.
У 1941 годзе маладых мужчын сярод яўрэйскага насельніцтва не было, заставаліся пажылыя, старыя, дзеці і жанчыны. Увосень 1941 года немцы ўзялі мужчын-яўрэяў і расстралялі іх у акопах, якія засталіся ад адступлення савецкіх войскаў ва ўрочышчы Ліпкі.
Колькі іх было, дакладна невядома. Па-мойму, пажылых мужчын было чалавек восем. Потым яўрэяў не чапалі да зімы. Ноччу з 22 на 23 лютага 1942 года паліцэйскія мабілізавалі 13 фурманак у мясцовых жыхароў в.Сухары (Іван Маліноўскі, Ісаак – бацька Нілы Пазняковай і інш.) на якія пагрузілі старых, дзяцей, частка людзей ішлі самі, і павезлі ў той жа ўрочышчы Ліпкі.
Мне распавядаў Рыжкоў Ягор, які сам вазіў яўрэяў на расстрэл, што было 13 Фурманак. Расстрэльвалі эсэсаўцы з паліцаямі. Яны прыехалі ў вёску ноччу, калі ўсе ўжо спалі. Калі ўсіх прывезлі да выкапанай ямы, мясцовае насельніцтва з фурманкамі адправілі назад.
Усіх яўрэяў расстралялі, па яго словах, дзяцей асабліва не стараліся расстрэльваць, а кідалі ў агульную кучу. Затым расстраляных у яме прыкрывалі адзеннем, якое яны перад расстрэлам здымалі. Рэчы, што лепшыя, забіралі з сабой, а тыя, што горай, кідалі ў яму. Закопвалі яму мясцовыя.
У той дзень і яшчэ 2-3 дні была страшная завіруха. Суседзі, паліцаі і немцы-сувязісты, якія жылі ў нашай вёсцы, бралі яўрэйскія рэчы.
З успамінаў Маліноўскага Мікалая Іванавіча, 1934г.н.
Увосень 1941 года я бачыў са свайго двара, як паліцаі, акружыўшы з двух бакоў, вялі па старой Супоніцкай дарозе, якая ішла з чавускай вуліцы праз равок з мостам у бок Супоніч, яўрэяў у бок Ліпак. Наперадзе ішла фурманка, а людзі следам. Бацька быў на месцы расстрэлу. Снегу не было. Дзеці потым босымі бегалі да месца расстрэлу.
Яму выкапалі да расстрэлу мясцовыя жыхары. Сярод яўрэяў было мала мужчын. Казалі, што было іх 28 чалавек. У аднаго здаровага яўрэя стралялі шэсць разоў, ён ім крычаў, што можа навучыць, як гэта рабіць.
(Прадастаўлена Валюжэвічам Мікалаем Дзмітрыевічам)
З успамінаў Гаўрыловіча Івана Кузміча, 1930г.н.
Гаўрыловіч Іван Кузміч
Я нарадзіўся ў Сухарах і жыў тут і да вайны, і падчас вайны. Са мной у класе вучылася Дысіна Галя. Яе бацька Іцка гандляваў у краме. У іх быў сын Сеня, жонка Малка. Мы часта хадзілі з ёй у краму. Як толькі вайна пачалася, уся іх сям'я з'ехала, пасля вайны яны вярнуліся ў Магілёў. Галоўным лекарам у бальніцы быў Міркін.
Дырэктарам школы быў Скудны. Да вайны я хадзіў з бацькам у сінагогу на восеньскія святы. Гэта быў вялікі драўляны дом з двухсхільным дахам. Унутры сінагога была ўпрыгожана. На сценах былі нейкія карціны. Звонку вокны ішлі ў два рады, як у двухпавярховым доме.
Падчас вайны паліцаі зрабілі там склад зброі. Жонка Іткіна была бібліятэкаркай.(?) Дзве яўрэйкі працавалі ў калгасе даяркамі. Адну з іх клікалі Злата. Гінда Каламейцава працавала паштальёнам. Яна жыла ў старым доме. Вокны былі ля самай зямлі.
У клубе касірам была вельмі прыгожая жанчына. Старэйшыя хлопцы ўхлёствалі за ёй, а мы падманам прабіраліся ў кіно без квіткоў. Імя яе не памятаю. Ярман Ківа. Шыя, Соня Брук.
Дысін Іцка меў жонку Малку і 2 сыноў: Сеню (15 гадоў), Шаю і дачку Маню (10 гадоў). Іх расстралялі. Сын Зеліка Эстуліна Мулік (мы клікалі яго Мота), быў нашмат старэйшы за нас, хадзіў у 8ці 9 клас, чытаў кнігу «Дэкамерон» і бегаў да нас пераказваць па адной чале. Калі ўсіх вывозілі на расстрэл, ён неяк уцёк. Мота прыйшоў дадому , схаваўся на печы, але хтосьці яго высачыў і выдаў. Расстралялі яго каля калодзежа і туды ж скінулі цела.
Шалыта працаваў сакратаром або касірам у сельсавеце. У яго быў сын Хача, жонка Рая. Яго вялікі высокі дом заняла паліцыя, там у іх быў інтэрнат.
Была зіма 1942 года. За яўрэямі прыехалі на фурманках паліцаі з немцамі і на падставе таго, што павязуць кудысьці, сказалі ўзяць неабходныя рэчы. Павезлі іх у “ Каровін лог", дзе і расстралялі. Расстрэл быў чутны ў вёсцы. Расстрэльвалі паліцаі, немцы толькі стаялі. Асабліва лютавалі браты паліцаі Рыбаковы Барыс і Сцяпан. Ураднік быў з Васьковіч. Казалі, што пасля Барыса знайшлі ў Магадане і судзілі.
Асобна расстралялі Раісу Максімаўну Фрыдман, настаўніцу нямецкай мовы. Яна ўвесь час прасіла моладзь сыходзіць з вёскі, але на яе данеслі, забралі і павезлі ў Магілёў. Больш яе ніхто не бачыў.
Пасля расстрэлу дамы стаялі пустымі. У 1943 годзе партызаны разграмілі паліцэйскую ўправу ў мястэчку, тады і пагарэла некалькі дамоў. Пасля вайны частку яўрэйскіх дамоў засялілі Дзеўбелеў, Бычкоў Пётр, Дзям'янкаў. Паліцэйская ўправа знаходзілася ў вялікім яўрэйскім доме ў раёне цяперашняга гаспадарчага магазіна. У сінагозе знаходзіўся склад зброі і інвентара. На месцы знесенай нарыхтоўчай крамы была бібліятэка.
Калі настаўніцу Салаўёву везлі на санках на расстрэл, яна трымала на каленях дачку. Уздоўж дарогі стаялі жанчыны. Дора Майсееўна прасіла, каб хто-небудзь узяў яе дзяўчынку. Падышла жанчына Краснабаева, мы яе клікалі Гурыніха, прыціснула да сябе дзяўчынку і хацела бегчы. У гэты час падышоў паліцай, вырваў дзіця і кінуў на калёсы. Я гэта бачыў сам. Перад расстрэлам яўрэяў мы з хлопцамі збіраліся ў доме Шайторовых, гулялі ў карты. Прыйшла гаспадыня і сказала, што ўсіх яўрэяў збіраюць у цэнтры каля камендатуры, там, дзе цяпер стаіць помнік, з Зарэчнай, Чавускай і іншых вуліц. Ужо стаялі запрэжаныя коні. Усе крычалі і плакалі.Было вельмі холадна. Везлі праз дробны ручай па дарозе на Ходнева. Мы пабеглі дадому. Я маме сказаў, што павезлі яўрэяў на Ходнева. Там былі і паліцаі і немцы. Потым мы пачулі стрэлы. Мама сказала, каб мы ішлі ў склеп. Ні ў той дзень, ні на наступны, маці нас туды збегаць не пусціла. Хто і калі капаў магілу, я не ведаю.
Янкель Данілавіч быў кавалём. Распавядалі, што ў вёсцы Харошкі жыў толькі адзін яўрэй – каваль. Быў ён моцным і вялікім. Жыхары вёскі Харошкі абаранялі каваля, каб яго не чапалі. Здаецца, яго прозвішча было Красноў, але дакладна не ведаю. Яго прывялі на расстрэл і сталі страляць. Страляюць, а ён стаіць, не падае, страляюць, а ён стаіць. Тады падыходзіць паліцэйскі Клубенькоў, падымае свой наган і страляе ва ўпор. Паліцаю потым далі 25 гадоў. Ён выжыў і з'ехаў у Краснадарскі край на Кубань, да сваёй сям'і, якая адразу пасля вайны з'ехала на Кубань.
У мястэчку каля сельсавета ўжо пасля расстрэлу яўрэяў былі расстраляная група( мабыць дэсант): дзве дзяўчыны з Рацыяй і хлопец, які спрабаваў бегчы, але яго застрэлілі. Пахавалі іх на могілках (хутчэй, на старыхрускіх, а не на яўрэйскіх).
(З архіва Магілёўскай ініцыятывы»Урокі Халакосту").
раскрыть » / « свернуть